Архив новостей © Главное управление по образованию Могилевского облисполкома

 

РусскийБеларускi

RSS

 

 

 

Счетчик посещений

Яндекс.Метрика

 

Наш баннер

 

 

 

Архив новостей


24.7.2015

АРХЕАЛАГІЧНАЕ ЛЕТА.

       Памятаеце дзяцінства? Двор, пясочніца, рыдлёвачка… Прага да капання зямлі не пакідае некаторых людзей і ў дарослым жыцці - гэта археолагі, людзі сур’ёзныя, адукаваныя, кандыдаты навук, дацэнты, прафесары. З дапамогай усё тых жа рыдлёвачак, усё тых жа шуфлікаў яны кожнае лета праводзяць раскопкі, каб даказаць, што мы - народ са шматвекавой гісторыяй, культурай, традыцыямі, што нам ёсць чым ганарыцца. Да гэтай сур’ёзнай, пачэснай справы кожнае лета далучаюцца сотні навучэнцаў - удзельнікаў археалагічных летнікаў.

       Невядомая археалагічная сіла кожнае лета прымушае дзясяткі вучоных, сотні хлопчыкаў і дзяўчынак правесці некалькі летніх дзён на раскопках. Прычым, не толькі сярод поля або лесу, але і на агародзе - на тэрыторыі курганоў, гарадзішчаў.

       Менавіта ў такім незвычайным месцы праходзяць летнія канікулы навучэнцаў Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці.

   

 

       На працягу 10 гадоў на базе Свіслацкай сярэдняй школы па ініцыятыве раённай арганізацыі БРСМ і падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама праводзіцца археалагічны летнік працы і адпачынку. Кожны год у ім працуюць і адпачываюць ад 30 да 50 старшакласнікаў.

   

       Гэта не толькі пераможцы алімпіяд, але і выхаванцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, тыя, хто знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Нягледзячы на такую стракатасць, у летніку заўсёды пануе сяброўская атмасфера. Навучэнцаў аб’ядноўвае праца, жаданне знайсці незвычайны артэфакт мінулага. Многае залежыць і ад праграмы, а яна прадугледжвае не толькі работу з рыдлёўкай і выкананне пэўнай працоўнай нормы. Увечары хлопцаў і дзяўчат чакаюць спартыўныя і культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.

       Па словах начальніка лагера Святланы Браніславаўны Хацкевіч, кожная археалагічная змена - гэта незабыўны перыяд жыцця як для дарослых, так і для дзяцей. Многія гавораць, што ніколі ў жыцці так актыўна не працавалі з рыдлёўкай і пры гэтым так актыўна не гулялі ў настольны тэніс, футбол, валейбол, як у археалагічным летніку. Нядзіўна, што многія прыязджаюць сюды і на наступны год. Такім чынам фарміруецца сапраўдная археалагічная сям’я. Дарэчы, такім чынам рыхтуюцца і педагагічныя кадры для раёна. Некаторыя выхаванцы летніка пасля ўдзелу ў раскопках паступаюць на гістарычны факультэт.

Археалагічны рай

       Свіслач для археолага - сапраўдны рай. Справа ў тым, што мясцовае гарадзішча знаходзіцца на сутоцы Свіслачы і Бярэзіны. Калісьці Свіслацкі замак адыгрываў важную ролю ў жыцці Мінскага княства, быў фарпостам, кантраляваў зручныя гандлёвыя рачныя шляхі. На думку кандыдата гістарычных навук Вадзіма Іванавіча Кошмана, пад кіраўніцтвам якога і праводзяцца раскопкі, на месцы цяперашняга раскопу калісьці было неўмацаванае паселішча, дзе жыла асноўная частка свіслацкага насельніцтва. Плошча раскопу складае 32м2, ён дзеліцца на квадраты 2´2 м, і, згодна з методыкай, работа на ім вядзецца з паслойным зняццем зямлі, пераборкай і выбаркай артэфактаў. Кожны слой мае памеры ад 10 да 20 см, але часта гэта вышыня штыка рыдлёўкі. Спадзяванні Вадзіма Іванавіча трапіць у раскопе на слой XVII-XVIII стагоддзяў апраўдаліся. Ужо знойдзены элемент жаночага абутку гэтага перыяду.

       “Пакуль што мы дастаём у асноўным рэшткі керамікі стагадовай даўніны, якія не ўяўляюць вялікай археалагічнай каштоўнасці. Аднак, паглыбляючыся, можам выйсці на больш даўнія напластаванні. У мінулым годзе мы праводзілі раскопкі на замчышчы. Там культурны слой дасягаў 2 метры, тут, напэўна, будзе роўны метру. Яшчэ адна мэта раскопак - знайсці на тэрыторыі мястэчка напластаванні эпохі Старажытнай Русі, лакалізаваць месца першапачатковага неўмацаванага паселішча. Яны павінны быць, яны недзе ёсць, але пакуль што на іх ніяк не ўдаецца трапіць” - дзеліцца Вадзім Іванавіч.

   

       Па выніках раскопак на кожным квадраце раскопу пішацца дзённік, які стане асновай для навуковай справаздачы. У дзённіку фіксуюцца ўсе знаходкі. Яны падзяляюцца на масавыя і індывідуальныя. Масавыя - гэта найбольш распаўсюджаныя фрагменты керамікі, кафлі, косці, а індывідуальныя - больш рэдкія і каштоўныя вырабы з каляровага металу, жалеза, шкла, прадметы, па якіх можна з большай верагоднасцю сказаць, да якога перыяду гісторыі яны адносяцца. Усё знойдзенае спачатку раскладваецца ў асобныя пластмасавыя кошыкі, потым перасыпаецца ў цэлафанавыя пакеты, пасля мыецца, шліфуецца, замалёўваецца, падпісваецца.

       “Для кожнай гістарычнай эпохі характэрны свае знаходкі. Гэта ў наш час пэўныя мадэлі машын, тэлефонаў існуюць некалькі гадоў, максімум - некалькі дзесяцігоддзяў. Раней рэчы бытавалі стагоддзямі. Напрыклад, для эпохі Старажытнай Русі характэрна кераміка пэўнага тыпу, фармоўкі, пэўныя рэчы, якія сустракаюцца толькі ў гэты перыяд (пярсцёнкі, віды коп’яў, стрэл, жаночыя ўпрыгажэнні, пацеркі, замкі і ключы). Найбольш рэдкімі з’яўляюцца знаходкі XIV-XV стагоддзяў. Напластаванні гэтага часу невялікія, і сустракаюцца ў іх пераважна рэшткі керамікі. Для XVI, XVII, XVIII стагоддзяў характэрны знаходкі кафлі, напрыклад, зялёнай паліванай, з геральдычнымі і сюжэтнымі выявамі, масава сустракаецца і нумізматычны матэрыял. Так, у адзін з папярэдніх летнікаў мы праводзілі раскопкі на былой местачковай плошчы. Там мы з вучнямі знайшлі рэшткі брукаванкі XVIII стагоддзя, падмурка дома, а таксама печы з кафляй, якая сведчыць пра заможнасць мясцовага насельніцтва” - расказвае Вадзім Іванавіч.

 

       Частыя знаходкі археолага - гэта косці жывёл, рыб. Пасля іх спецыяльнага аналізу можна вызначыць асаблівасці харчавання мясцовага насельніцтва, яго этнічны склад. Так, вядома, што на месцы кампактнага пражывання яўрэйскага насельніцтва амаль не сустракаюцца косці свіней. На замчышчы было знойдзена шмат костак буйных дзікіх жывёл (зубраў, аленяў, ласёў). Гэта сведчыць пра тое, што тут жыла дружына, феадалы, бо паляванне было заняткам вышэйшых саслоўяў. Пацвярджаюць гэта і косткі бабра, паляванне на якога ў многія часы было забаронена. Дзякуючы такім артэфактам можна вызначыць і віды, памеры звяроў, птушак, рыб, якія раней сустракаліся ў навакольных лясах і рэках.

 

Вось такая рамантыка, вось такая паэзія, вось такое яно - археалагічнае лета.

 


         

 

Республика Беларусь, г.Могилев, ул.Первомайская 71 Телефон: +375 222 75-25-45
E-mail: uomogilev@mogilev-region.edu.by  
Рег.свидетельство: №7141000740 от 04.01.2010 года